Апазіцыя настойвае на расследаванні разгону акцыі 19 снежня
Сёння ў Мінску адбылася прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў дэмакратычных партый і грамадскіх арганізацый. На ёй прысутнічалі Віктар Івашкевіч, Аляксандр Мілінкевіч, Вячаслаў Сіўчык, Леў Марголін, Рыгор Кастусёў, Аляксей Янукевіч. Апазіцыйныя палітыкі лічаць мірны пратэст 19 снежня канстытуцыйным правам грамадзян. Ужыццё грубай сілы ў дачыненні да ўдзельнікаў вулічнай акцыі яны расцэньваюць як злачынства.
Палітыкі настойваюць на раследванні і прыцягненні да адказнасці асобаў, якія "спланавалі і здзейснілі масавыя рэпрэсіі 19 снежня". Пра гэта гаворыцца ў агульнай заяве ад прадстаўнікоў апазіцыі і грамадскіх арганізацый. Адпаведную заяву 21 снежня агучыў Віктар Івашкевіч.
Івашкевіч: “Ніякія правакацыі ў выглядзе выбітых дзвярэй не могуць апраўдаць жорсткае збіццё і арышты тысячаў людзей. Мы выказваем салідарнасць з арыштаванымі кандыдатамі ў прэзідэнты і патрабуем іх неадкладнага вызвалення, а таксама вызвалення ўсіх удзельнікаў мірнай маніфестацыі”.
Таксама палітыкі настойваюць на пакаранні асобаў, якія дапусцілі несуразмернае ўжыванне сілы супраць грамадзян Беларусі 19 снежня, гаворыцца ў заяве.