Апазіцыя прапанавала Еўропе "частковую і часовую адмену санкцыяў"

Дзеючы старшыня АБСЕ, міністр замежных справаў Фінляндыі Александэр Стуб сустрэўся з беларускімі апазіцыйнымі палітыкамі. Пра гэта Еўрарадыё  паведаміў удзельнік сустрэчы кіраўнік Аб'яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька. Па яго словах, кіраўнік АБСЕ пацвердзіў, што гэтая міжнародная арганізацыя ацэньвае беларускія выбары як не адпаведныя яе стандартам. Разам з тым замежны палітык падкрэсліў, што Еўропа хоча шукаць кропкі супрацоўніцтва з афіцыйным Мінскам. У сваю чаргу, А.Лябедзька падкрэсліў, што беларуская апазіцыя ацэньвае выбарчую кампанію больш жорстка, чым еўрапейскія чыноўнікі.

Лябедзька: Мы, на жаль, не бачым тых пазітыўных зрухаў, якія нібыта мелі месца. Таму што спасылка на на прадастаўленне месца ў ЦВК з дарадчым голасам ці 5 хвілінаў у эфіры — усё гэта было, нічога з гэтага не з'яўляецца новым.

Беларускія апазіцыянеры прапанавалі свой варыянт кампрамісу.

Лябедзька: Што тычыцца санкцый, мы не прыхільнікі таго, каб здымаць іх адразу і цалкам. Мы за тое, акб іх здымаць часткова і часова. Гэта азначае, што санкцыі могуць здымацца на пэўны прамежак часу, за які  ўлады павінны прад'явіць не словы, а рэальныя справы.

А.Лябедзька лічыць, што першай такой справай павінны быць змены ў выбарчае заканадаўства і практыку яго прымянення. Зрабіць гэтыя змены палітык прапануе на працягу бліжэйшага паўгода. У такім разе можна спадзявацца на дастаткова вольную выбарчую прэзідэнцкую кампанію.

Гэтыя меркаванні павінны патлумачыць у Брусэлі беларускія апазіцыянеры, якія выправіліся туды. У прыватнасці, Аляксандр Казулін атрымаў мандат на выкладанне там пазіцыі Аб'яднаных дэмакратычных сілаў.