Апазіцыя станоўча ацэньвае візіт Радаслава Сікорскага і Гіда Вестэрвеле

Прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта ад апазіцыі станоўча ацэньваюць факт візіту ў Беларусь Радаслава Сікорскага і Гіда Вестэрвеле. Сустрэча патэнцыяльных кандыдатаў ад дэмакратычных сіл на прэзідэнцкую пасаду з кіраўнікамі МЗС Польшчы і Германіі адбылася ўвечары 2 лістапада. У ёй удзельнічалі Андрэй Саннікаў, Уладзімір Някляеў, Яраслаў Раманчук, Рыгор Кастусёў, Алесь Міхалевіч, Мікалай Статкевіч і Віталь Рымашэўскі. Таксама на сустрэчы прысутнічаў Аляксандр Мілінкевіч.

Як адзначыў у інтэрв'ю БелаПАН Андрэй Саннікаў, сустрэча апазіцыйных палітыкаў з еўрапейскімі міністрамі замежных спраў была "фактычна вельмі важнай". "Яны пацвердзілі, што Еўропа будзе глядзець на стандарты выбараў, каб яны былі празрыстымі і справядлівымі. Больш за тое, Сікорскі заявіў, што Еўропа падтрымае дэмакратычна абранага прэзідэнта Беларусі", — сказаў Саннікаў.

У такім жа ключы ацаніў вынікі сустрэчы і Уладзімір Някляеў. Паводле яго слоў, на сустрэчы прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта "атрымалі запэўніванне ў тым, што ў выпадку прыходу да ўлады ў Беларусі дэмакратычнага прэзідэнта, краіна атрымае прэферэнцыі". Яны, у першую чаргу, закрануць эканамічнае жыццё краіны.

Віталь Рымашэўскі адзначыў, што і Сікорскі, і Вестэрвеле паабяцалі сачыць за тым, каб беларускія выбары прэзідэнта адпавядалі міжнародным стандартам.