Апазіцыя заклапочаная Выбарчым кодэксам і адзіным кандыдатам у прэзідэнты

Лёс праекта зменаў у Выбарчы кодэкс непакоіць Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы. 11 чэрвеня прэзідыум АДС вернецца да абмеркавання далейшага лёсу законапраекта. Пра гэта паведаміў старшыня прэзідыума Анатоль Лябедзька. Нагадаем, з пачатку 2009 года АДС разгарнулі кампанію па ўнясенні зменаў у Выбарчы кодэкс. Выпрацавааны экспертамі праект накіраваны ў Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, у беларускі Цэнтрвыбаркам. Аднак кіраўнік Офіса АБСЕ ў Мінску Ханс-Йохен Шмідт заявіў, што Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека не будзе разглядаць законапраект апазіцыі.

Вось што сказаў у інтэрв'ю Еўрарадыё Анатоль Лябедзька:

"Я думаю, што мы будзем рыхтаваць звароты да старшыні АБСЕ і дырэктара Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, каб яны растлумачылі заявы Шмідта — гэта яго асабістая ці пазіцыя міжнароднай арганізацыі".


АДС яшчэ напачатку лютага практычна сфармавалі ініцыятыўную групу па зборы 50 тысяч подпісаў за змены Выбарчага кодэкса. У групу далі згоду ўвайсці каля тысячы чалавек. Аднак Мінгарвыканкам не даў памяшкання для правядзення арганізацыйнага збору групы — і ўвесь працэс на тым зачах.

Прэзідыум АДС таксама вернецца “да працэдуры выхаду на аднаго кандыдата ад дэмакратычных сілаў”.