Арабскіх хакеістаў на чэмпіянаты свету выведзе беларус

Міжнародная федэрацыя хакею афіцыйна ўключыла ў каляндар чэмпіянатаў свету зборную Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў. Гэтую каманду, як адзначае "Спорт Беларусь", узначальвае беларус Юры Файкоў. Хакеісты з Арабскіх Эміратаў упершыню згуляюць на чэмпіянаце свету ў красавіку 2010 года. У групе "А" дывізіёна III, гульні якога адбудуцца ў Афінах, арабы падужаюцца з хакеістамі з Грэцыі, Люксембурга і Ірландыі. У групе "В" дывізіёна III у тыя ж тэрміны будуць змагацца Паўночная Карэя, ПАР, Манголія і Арменія.

Прыход арабаў у сусветны хакей не дужа дзіўны. На працягу апошніх 10 гадоў яны актыўна будавалі лядовыя палацы і вучыліся гуляць у хакей. Дапамагаць жыхарам ААЭ разбірацца ў нюансах гэтага дзіўнага для іх віду спорту ездзілі дапамагаць і беларускія адмыслоўцы: пэўны час у Арабскіх Эміратах працавалі нашы вядомыя трэнеры Анатоль Мікалаевіч Варывончык (не блытаць з Анатолем Міхайлавічам!) і Юры Файкоў. Выпраўляліся туды для заробкаў і перадачы досведу і беларускія хакеісты.

Зборная Арабскіх Эміратаў пад кіраўніцтвам беларуса Юрыя Файкова стала першым чэмпіёнам арабскіх краін па хакеі на лёдзе. А ўвесну 2009 года арабы правялі ў сябе Кубак Азіі па хакеі. У ім удзельнічалі Макао, Малайзія, Ганконг, Сінгапур, Манголія і Індыя. Аб'яднаныя Арабскія Эміраты таксама абвясцілі пра стварэнне свайго нацыянальнага чэмпіянату. Плануецца, што на першым этапе чэмпіянат ААЭ разгуляюць пяць клубаў: "Абу Дабі Скорпіёнс", "Ал Аін Вайперс", "Дубаі Майці Кэмелс", "Абу-Дабі Айс Хокі Клаб" і "Ал Аін Хокі Клаб". Два апошнія клубы будуць складацца пераважна з арабскіх гульцоў, аснову трох іншых камандаў складуць легіянеры.