Арамнаў: “Наша руская мова мяшаная. Чаму б не гаварыць па-беларуску?”

Падчас усебеларускага перапісу лепшы штангіст свету расказаў Еўрарадыё, што вучыўся ў беларускамоўным класе і “вельмі някепска” ставіцца да пераходу беларусаў  на родную мову
Праз месяц алімпійскі чэмпіён Андрэй Арамнаў выступіць на чэмпіянаце свету ў Карэі. Зараз штангіст займаецца ў цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі “Стайкі”, а пасля трэніровак разважае на філасофскія тэмы. 

Падчас перапісу Андрэй Арамнаў задумаўся і пра моўную праблему ў нашай краіне. Пытаемся ў чэмпіёна, як ён ставіцца да беларускай мовы.  

Андрэй Арамнаў: “Вельмі някепска. У прынцыпе я навучаўся да сёмага класа ў беларускай школе па-беларуску. Не буду хлусіць, што я дасканала ведаю беларускую мову, але разумець я разумею ўсё цалкам”. 

Але ідэю правядзення імклівай беларусізацыі Арамнаў не падтрымлівае. На думку лепшага штангіста свету ў моўным пытанні павінна быць поўная дэмакратыя. 

Андрэй Арамнаў: “Я думаю, што гэта павінна застацца на добраахвотнай аснове. Тым больш, што ў нас руская мова мяшаная. Вельмі шмат беларускіх словаў у нашай рускай мове. Таму нармальна стаўлюся да беларускай мовы. Галоўнае, каб было зручна, і ўсе адно аднаго разумелі”.

Сам Андрэй Арамнаў хоць і пазначыў родную мову беларускай, але размаўляе па-руску, са смачнымі ўкрапленнямі беларускіх словаў. 

Пазначыў родную мову як беларускую і чэмпіён свету па тайскім боксе Віталь Гуркоў, хлопец спявачкі Дакоты

Віталь Гуркоў: “Сам я з’язджаю ў Казань на прафесійны бой за тытул чэмпіёна Еўропы сярод прафесіяналаў. А бацькам загадаў — так і скажыце перапісчыку, што наша родная мова — беларуская. Мая, твая, бацька, і твая, маці”.