Арганізатараў сённяшняга мітынгу папярэдзілі аб крымінальнай адказнасці

Раніцай былі затрыманыя трое заяўнікаў мітынгу прадпрымальнікаў, які павінен адбыцца сёння на Кастрычніцкай плошчы ў Мінску. Пра гэта Еўрарадыё паведаміў кіраўнік кампаніі “За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў. Віктар Крываль, Аляксандр Цацура і Аляксандр Макаеў былі дастаўленыя ў абласную пракуратуру.

Віктар Гарбачоў: “Толькі што мне пазваніў Крываль. Яго ўжо адпусцілі з абласной пракуратуры. Яго прымушалі падпісацца, што ён будзе несці крымінальную адказнасць у выпадку правядзення мітынгу на Кастрычніцкай плошчы”.

Па словах Гарбачова, цяпер Віктар Крываль чакае астатніх прадпрымальнікаў, з якімі праводзіцца аналагічная гутарка.

Нагадаем, на Кастрычніцкай плошчы сёння павінен адбыцца мітынг пратэсту індывідуальных прадпрымальнікаў з удзелам прадстаўнікоў беларускіх рэгіёнаў. Заяўка на правядзенне акцыі была пададзеная ў Мінгарвыканкам 9 лістапада.

5 снежня сталічныя ўлады паведамілі заяўнікам, што правядзенне мітынгу на Кастрычніцкай плошчы забаронена, і прапанавалі правесці акцыю пратэсту ў парку Дружбы народаў на плошчы Бангалор. Аднак прадпрымальнікі з гэтым варыянтам не пагадзіліся, заявіўшы, што яны ўсё адно будуць праводзіць мітынг на Кастрычніцкай плошчы.