Археолагі знайшлі ў Мінску прадметы, якім 7 тысяч гадоў

Знаходку археолагаў на раскопках Менскага замчышча можна назваць сенсацыйнай. Як паведамляе агенцтва "Мінск-Навіны", навукоўцы знайшлі прадметы, якія адносяцца да каменнага веку.  Так, напрыклад, наканечнік стралы, на думку археолагаў, быў зроблены прыблізна 7 тысяч гадоў таму. Знаходкі сведчаць, што задоўга да з'яўлення Мінскага замчышча (пачатак ХI стагоддзя) паблізу ад зліцця рэк Свіслачы і Нямігі была стаянка першабытных людзей. Раней навукоўцы выказвалі толькі здагадку пра гэта.