Аруцюнаў і “Крама” стварылі сумесны беларуска-расійскі гурт

На сумесным канцэрце з “Крамай” у клубе “Графіці” 20 лістапада вядомы расійскі блюзмэн Мікалай Аруцюнаў абвесціў аб стварэнні новага музычнага праекта – гурта “Аруцюнаў і Варвары блюзу”. Спяваць “варвары” будуць на англійскай і беларускай мовах.
Як патлумачыў Еўрарадыё Мікалай Аруцюнаў, гэта будзе яго сумесны праект з музыкамі “Крамы”. Таму “варвары” – гэта ад прозвішча Варашкевіч, лідэра беларускага гурта.

Аб сумесным праекце музыкі думалі даўно і ўжо неаднаразова працавалі разам на розных канцэртах і фестывалях. Але назва нарадзілася толькі зараз.

Гэтым разам Мікалай Аруцюнаў прыехаў у Мінск для ўдзелу ў фестывалі “Блюз жыве ў Мінску”, які пройдзе 23 лістапада ў канцэртнай зале “Мінск”. Выступаць яны там будуць у новым амплуа – як асобны беларуска-расійскі праект.

Музыка спецыяльна прыехаў на два дні раней, каб сыграць з “крамчукамі” ў “Графіці”, парэпетаваць разам з імі перад выступам на блюзавым фэсце, прыйсці ў студыю “Еўрапейскага радыё для Беларусі” на інтэрв’ю і паказаць новыя песні, напісаныя спецыяльна для гурта “Аруцюнаў і Варвары блюзу”.

Ігар Варашкевіч не разгубіўся і адказаў, што ў яго таксама ёсць што прапанаваць для першай праграмы новага гурта.

Дарэчы, Мікалай Аруцюнаў ужо даўно выконвае дзве “крамаўскія песні”: “Бяжы, хлопец!” і “Выпі са мной да дна”. Музыка нарадзіўся ва Украіне і добра разумее беларускую мову. Песні ён выбіраў сам. І зараз хоча, каб частка твораў гурта “Аруцюнаў і Варвары блюзу” гучала па-беларуску.

Па яго просьбе тэксты для першых дзвюх песень, рэпетаваць якія музыкі пачалі ўжо сёння, будзе пісаць аўтар “Хлопца” і “Выпі са мной”….

Што ж тычыцца самаго канцэрта ў “Графіці”, то ён, як заўжды, прайшоў пры поўным аншлагу. Спачатку “Крама” для тых, хто не змог патрапіць на прэзентацыю ў клуб “Фартуна”, выканала творы з новага альбома “Усё жыцьцё – дзіўны сон”.

Потым выйшаў Мікалай Аруцюнаў. Спачатку ён выканаў некалькі сусветна вядомых рок- і блюз-кампазіцый, а пасля парадаваў слухачоў добрым беларускім вымаўленнем у “крамаўскіх” песнях. Завяршыўся вечар блокам з “крамчукоўскіх” хітоў.

Зміцер Панямонаў, Еўрапейскае радыё для Беларусі