Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб`яднанняў асудзіла "масавыя рэпрэсіі"
Асамблея няўрадавых дэмакратычных аб`яднанняў асудзіла "масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да ўдзельнікаў маніфестацый пратэсту супраць фальсіфікацыі выбараў".
У заяве НДА гаворыцца, што затрыманні і збіццё журналістаў, хвалю вобыскаў у дамах актывістаў апазіцыі і офісах няўрадавых арганізацый асамблея разглядае як дзеянні, скіраваныя на адцягненне ўвагі ад выкрытых фактаў маніпуляцыі вынікамі галасавання падчас выбараў.
"Асаблівую занепакоенасць" у НДА выклікае арышт кандыдатаў у прэзідэнты і пагрозы прыцягнення іх да крымінальнай адказнасці, а таксама непрадастаўленне медыцынскай дапамогі асобам, "здароўю якіх была нанесеная шкода ў выніку неабгрунтаванага гвалту з боку спецслужб і міліцыі".
"Гэтая выбарчая кампанія ні ў якім разе не можа быць прызнаная свабоднай і справядлівай, — лічаць аўтары заявы. — Наадварот, шматлікія сведчанні назіральнікаў з выбарчых участкаў даюць сур`ёзныя падставы ставіць пад сумнеў агучаныя выбарчымі камісіямі вынікі падліку галасоў".
Няўрадавыя аб`яднанні заклікаюць улады "неадкладна выпусціць усіх затрыманых удзельнікаў дэманстрацый 19 і 20 снежня, кандыдатаў у прэзідэнты, іх давераных асобаў, іншых арыштаваных", а ўрады замежных краін — "пільна адсочваць сітуацыю з пераследам удзельнікаў мірных пратэстаў і ўстрымацца ад віншавання беларускага прэзідэнта з чарговым пераабраннем", паведамляе БелаПАН.