Associated Press: ЗША хацелі зрынуць рэжым на Кубе з дапамогай хіп-хопу
Журналісты сцвярджаюць, што на аперацыю пайшлі мільёны долараў.
Злучаныя Штаты спрабавалі скінуць камуністычны рэжым на Кубе з дапамогай хіп-хопа. З такім паведамленнем выступіла інфармагенцтва Associated Press, спасылаючыся на вынікі свайго расследавання.
Па звестках журналістаў, больш як два гады Агенцтва ЗША па міжнародным развіцці (USAid) таемна спрабавала ўкараніць на Кубу музычны рух хіп-хоп. Ідэя палягала ў тым, каб выкарыстоўваць рэпераў для прарыву інфармацыйнай блакады знутры Кубы і стварэння сеткі маладых людзей, якія шукаюць сацыяльных зменаў. У выніку мусіў з'явіцца моладзевы рух, накіраваны супраць урада і прэзідэнта Рауля Кастра.
Аднак аперацыя скончылася поўным правалам, адзначае РБК. Прынамсі шэсць разоў кубінскія ўлады затрымлівалі ці дапытвалі людзей, уцягнутых у аперацыю. Яны таксама канфіскавалі камп'ютарнае абсталяванне з часткай сакрэтнай інфармацыі. Музыкі, якіх загітавала USAid, пакінулі Кубу або спынілі выступы пад ціскам ўрада. А мясцовы папулярны незалежны музычны фестываль перайшоў пад кантроль уладаў пасля таго, як была знойдзена яго сувязь з USAid.
Па звестках журналістаў, Вашынгтон вылучыў на аперацыю мільёны долараў. Падрыўная дзейнасць прадугледжвала стварэнне "кубінскага Twitter" і адпраўку неспрактыкаванай лацінаамерыканскай моладзі для вярбоўкі актывістаў.
У сваю чаргу, USAid адмаўляе, што праграма была таямніцай. У сваёй заяве яно сцвярджае, што праграма была накіраваная на ўмацаванне грамадзянскай супольнасці, "часта ў месцах, дзе грамадзянскую актыўнасць душаць і дзе людзі зазнаюць пераслед, арышты, фізічны гвалт".
Фота — step-up.net.ua