Асудзілі яшчэ двух удзельнікаў лютаўскай акцыі ў абарону беларускай мовы

Два ўдзельнікі гомельскай лютаўскай акцыі ў абарону беларускай мовы 14 сакавіка атрымалі па пошце паведамленні пра штрафы. Іх асудзілі за парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў. Яўген Якавенка і Зміцер Кутасаў 21 лютага ўдзельнічалі ў флэш-мобе, прысвечаным Міжнароднаму дню роднай мовы. Тады група юнакоў спрабавала прайсці з кветкамі да помніка Кірылу Тураўскаму, трымаючы аркушы з надпісам "Беларуская мова. Забаронена".

Як адзначаецца ў паведамленнях, суды над Якавенкам і Кутасавым адбыліся яшчэ 4 сакавіка. Якавенку аштрафавалі на 700 тыс. рублёў (20 базавых велічыняў), Кутасава — на 1 млн 50 тыс. рублёў (30 базавых велічыняў).

Агулам былі асуджаныя пяць удзельнікаў флэш-мобу, а таксама два журналісты. Памеры штрафаў склалі ад 525 тыс. да 1 млн 750 тыс. рублёў (ад 15 да 50 базавых велічыняў). На сем сутак быў арыштаваны гомельскі каардынатар аргкамітэта па стварэнні партыі "Беларуская Хрысціянская Дэмакратыя" Кастусь Жукоўскі.

БелаПАН