А.Танкачова: Мы звярнуліся да расійскага прэзідэнта і ўрада ў справе Грузіі

Зварот да расійскага прэзідэнта і ўрада прыняла міжнародная маніторынгавая група, якая працуе ў Грузіі. У яе склад уваходзіць і беларуская праваабаронца Алена Танкачова. Паводле яе словаў, дакумент падпісалі прадстаўнікі праваабарончых арганізацый Беларусі, Украіны, Італіі і Расіі (міжнародны Маладзёжны праваабарончы рух і Маскоўская Хельсінкская група).
Пасля паездак па Грузіі, у тым ліку ў лагеры ўцекачоў (а іх каля 120 тысяч і жывуць яны ў жахлівых умовах) і размоваў з людзьмі, праваабаронцы прапануюць расійскаму кіраўніцтву забяспечыць бяспеку мірных жыхароў і іх маёмасці на грузінскай тэрыторыі, якую кантралююць расійскія войскі, і забяспечыць доступ туды прадстаўнікоў грузінскіх уладаў і міжнародных арганізацый.

У інтэрв'ю Еўрарадыё Алена Танкачова кажа, што ўчора праваабаронцы не здолелі патрапіць у горад Горы - расійскія вайскоўцы перакрылі туды ўсе шляхі:

"Урад Расіі проста абавязана забяспечыць прысутнасць міжнародных місій на тых тэрыторыях Грузіі, якія кантралююць расійскія ўзброеныя сілы. Адсутнасць доступу для супрацоўнікаў АБСЕ, "Чырвонага крыжа" і ААН ствараюць дадатковыя перашкоды для вырашэння гуманітарнай катастрофы, якая на сённяшні дзень відавочная на гэтых тэрыторыях".