Атракцыёны ў мінскіх парках сёлета не будуць рыхтаваць па новых стандартах

З 1 красавіка індустрыя паркавых забаў краіны пачала жыць па-новаму – набыў моц новы дзяржстандарт.
Гэты дакумент распрацаваны ў адпаведнасці з міжнароднымі нормамі. Упершыню ў гісторыі Беларусі агавораны пытанні бяспекі на ўсім жыццёвым цыкле атракцыёнаў: ад іх праектавання, вырабу і ўсталявання да тэхабслугоўвання, эксплуатацыі, праверкі і кантролю. Сістэма будзе адзінай для ўсіх рэгіёнаў Беларусі.

Аднак гэтыя новаўвядзенні, хутчэй за ўсё, не запрацуюць сёлета, піша “Рэспубліка”. Як распавёў галоўны інжынер прадпрыемства “Гарадскія паркі” Анатоль Яцкевіч, паркі пакуль нават не атрымалі новы дакумент. А яго яшчэ трэба падрабязна разгледзець і вывучыць, на што патрэбны час. Таму, па словах Яцкевіча, найхутчэй сёлета мінскія паркі адкрыюцца па старых правілах. У сярэдзіне красавіка.