Атрошчанкаў: Эмбарга на нафтапрадукты падарве эканамічную базу рэжыму

120326 Atro64ankauS.mp3

Еўрарадыё: Прафсаюз “Нафтана” гатовы выклікаць у суд апазіцыянераў, якія выступалі за ўвядзенне эканамічных санкцый, у тым ліку і вас. Ці гатовы вы да такога развіцця падзеяў?


Аляксандр Атрошчанкаў: У нашай краіне трэба быць гатовым да ўсяго. Такая публікацыя найперш выклікае іранічную ўсмешку, бо не так даўно наш народ праходзіў такія калектыўныя заклікі — падняць кошты на прадукты ці падоўжыць працоўны дзень. Смешна, што пад такім калектыўным заклікам няма ніводнага прозвішча.

Еўрарадыё: А чаго могуць дамагацца на такім судзе? Зрабіць вас невыязнымі з Беларусі?

Аляксандр Атрошчанкаў: Гэта абсалютна верагодна і паказвае, што нават прафсаюзы ў нашай краіне могуць быць карным органам. Але гэта зварот не адрасны, трэба звяртацца да тых суддзяў, што выносілі прысуды, у адміністрацыю Лукашэнкі, які адмовіўся памілаваць хлапцоў.

Еўрарадыё: Але што рабіць зараз? Ці не атрымаецца, што ад санкцый пацерпяць звычайныя беларусы, а не вышэйшыя эшалоны ўлады?

Аляксандр Атрошчанкаў: Вялікія пытанні выклікае размеркаванне даходаў ад нафтавага бізнэсу. Мы ведаем, што ў апошнія гады ідзе гандаль з Еўрасаюзам гэтымі таварамі, гандаль дасягнуў рэкордных адзнак, але, на жаль, на дабрабыт беларусаў гэта ніяк не паўплывала. Не думаю, што працаўнікі “Нафтана” сталі зарабляць нашмат больш. Я думаю, што ад санкцый пацерпяць тыя, хто атрымлівае з гэтага звышпрыбыткі ды нейкія ценявыя даходы.

Еўрарадыё: Вы не думаеце, што працяг такіх складаных стасункаў з Еўрасаюзам цалкам адмяжуе Беларусь ад Еўропы, ператворыць яе ў Паўночную Карэю?

Аляксандр Атрошчанкаў: Беларусь павольна ператваралася ў Паўночную Карэю з першага дня прыходу Лукашэнкі да ўлады — і калі былі крытычныя заўвагі ад Захаду, і калі мы сябравалі з Еўропай, і калі атрымлівалі фінансавую дапамогу. Так што я не бачу тут ніякай залежнасці. Першасныя ўсё ж рэпрэсіі ў Беларусі, якія ўжываюцца для таго, каб сённяшняя ўлада засталася пры ўладзе, нягледзячы ні на што.

Еўрарадыё: Мы відавочна губляем суверэнітэт і набліжаемся да Расіі. Што рабіць у гэтай сітуацыі?

Аляксандр Атрошчанкаў: Самаізаляцыя Беларусі і набліжэнне да Расіі ніяк не звязаныя з ціскам з боку Еўропы. Гэта адбывалася і падчас адлігі ў адносінах з Еўропай. Беларусам трэба забыцца на тое, што Еўропа ці Масква вырашаць іх праблемы. Так, падтрымка з замежжа вельмі істотная, сёння мы адчуваем маральную падтрымку, хоць санкцыі мусілі б быць уведзеныя значна раней, у першы тыдзень пасля 19 снежня. Можна было б пазбегнуць шмат якіх негатыўных наступстваў. Беларуская апазіцыя, беларуская дыяспара шмат робяць для таго, каб гэтая падтрымка была, але ніхто не вырашыць беларускае пытанне замест беларусаў.

Еўрарадыё: Калі Еўропа ўвядзе больш жорсткія санкцыі, што будзе далей? Ці мае апазіцыя нейкую стратэгію?

Аляксандр Атрошчанкаў: Цяжка спрагназаваць, што адбудзецца. Шмат залежыць і ад таго, што будзе адбывацца вакол краіны і ўнутры, ад таго, ці вырашаць людзі ўзяць у свае рукі лёс краіны. Беларусы хочуць іншага жыцця, але пакуль узровень страху ў нашым грамадстве пераважвае. Роля гэтых санкцый — абмежаваць магчымасці ўладаў да рэпрэсій, зменшыць давер да кіруючай улады ў грамадстве і ў самой уладзе. Міжнародны ціск — толькі адзін з атрыбутаў для змены сітуацыі ў краіне.

Еўрарадыё: Зараз давер да ўладаў невысокі, але ж нічога не змяняецца.

Аляксандр Атрошчанкаў: Давер невысокі, але пакуль грамадства не гатовае браць свой лёс у свае рукі з-за высокага ўзроўню страху, з-за рэпрэсіяў. Мы саступаем грубай сіле ўладаў.

Еўрарадыё: Ці пяройдуць на бок народа пасля ўвядзення эмбарга на нафтапрадукты эканамічныя ды палітычныя эліты, ці перастануць яны падтрымліваць уладу?

Аляксандр Атрошчанкаў: Калі гаварыць спрошчана, то ўвядзенне такіх санкцый можа падарваць эканамічную аснову рэжыму. Трэба разумець, што для гэтага рэжыму першасным з’яўляецца не падвышэнне ўзроўню жыцця беларусаў, а ўтрыманне сілавога апарату, заробкі тым людзям, якія сёння катуюць палітвязняў. Калі ў улады будзе менш грошай на гэта, сітуацыя можа змяніцца.