Аўтуховіч лічыць, што яго справа сфабрыкаваная "высокапастаўленай асобай"

Мікалай Аўтуховіч лічыць, што крымінальная справа на яго, Уладзіміра Асіпенку і Міхаіла Казлова сфабрыкаваная "высокапастаўленай асобай або групай асоб". Пра гэта ён заявіў 23 сакавіка ў Вярхоўным судзе, дзе працягваецца працэс па справе ваўкавыскіх прадпрымальнікаў. Па словах Аўтуховіча, якія перадае БелаПАН, выстаўленае яму абвінавачанне ў падрыхтоўцы тэракту грунтуецца на паказаннях толькі двух сведкаў — нейкага Паўтарака і Аляксандра Ларына, на якіх аказваўся ціск з боку следства з мэтай абгаварыць Аўтуховіча, Асіпенку і Казлова.

Аўтуховіч не адмаўляе, што збіраў інфармацыю пра намесніка міністра па падатках і зборах Васіля Камянко і былога губернатара Гродзенскай вобласці Ўладзіміру Саўчанку. Ён адзначыў, што гэта нібыта было звязана з тым, што Камянко неаднаразова спрабаваў незаконнымі метадамі знішчыць бізнэс Аўтуховіча, а таксама з фактамі карупцыі ў Ваўкавыску.

Па словах Аўтуховіча, усе сабраныя матэрыялы ён неаднаразова перадаваў у КДБ, пракуратуру, Савет бяспекі і нават да кіраўніка краіны, аднак ніхто не рэагаваў на факты карупцыі. Адзіны, хто імі займаўся, — гэта Міхаіл Казлоў, які тады працаваў кіраўніком УБАЗ па Гродзенскай вобласці. Аўтуховіч заявіў, што лічыць судовы працэс помстай за яго дзейнасць па раскрыцці фактаў карупцыі ў Ваўкавыску.