Аўтуховіча перавялі з медчасткі следчага ізалятара ў агульную камеру

Ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча перавялі з медыцынскай часткі мінскага следчага ізалятара ў агульную камеру. Па словах адваката Паўла Сапелкі, якія перадае БелаПАН, у агульнай камеры знаходзіцца 20 чалавек, хоць яна разлічаная на меншую колькасць зняволеных. Такім чынам, лічыць адвакат, Аўтуховіча пазбавілі сталага медыцынскага кантролю. Умовы ў камеры Сапелка расцаніў як катаванні для чалавека, які выходзіць з галадоўкі. Пагатоў што Аўтуховіча змясцілі ў камеру без дадатковых абследаванняў і без аналізаў.

Як раней паведамлялася, нават пасля выхаду з галадоўкі прадпрымальнік працягваў губляць вагу. Адвакат не ведае, якая цяпер сітуацыя. Раней стан здароўя Аўтуховіча рэгулярна кантралявалі медыкі, зараз жа яго ніхто не кантралюе, сказаў Сапелка.

Як паведаміў адвакат, вязень есць толькі садавіну і гародніну, турэмную ежу не ўжывае.