Аварыя паралізавала чыгуначны рух паміж Мінскам і Масквой
Здарэнне адбылося ўвечары нядзелі 21 ліпеня.
Рух на беларускім напрамку расійскай чыгункі быў спынены амаль на тры гадзіны праз сутыкненне аўтамабіля з цягніком Масква-Вільня. Паводле звестак Нацыянальнага цэнтра кіравання ў крызісных сітуацыях МНС Расіі, ДТЗ адбылося ў 19.59 па мінскім часе на нерэгуляваным чыгуначным пераездзе 122-га км Маскоўскай чыгункі. У легкавым аўтамабілі загінула два чалавекі. Лакаматыў і вагоны з рэек не сышлі, палатно пашкоджана не было.
Праз здарэнне быў парушаны графік руху двух цягнікоў на Мінск, інфармуе БелаПАН. Акрамя цягніка, які патрапіў у аварыю, затрымаўся наступны, які ішоў па маршруце Масква-Брэст.