А.Ярашук: МАП можа заклікаць урады спыніць усякія адносіны з Беларуссю

У Жэневе адчыняецца 97-я сесія Міжнароднай канферэнцыі працы. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандр Ярашук паведаміў, што беларускае пытанне камітэт па нормах і стандартах Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) будзе абмяркоўваць на наступным тыдні. Дарэчы, Беларусь паставіла своеасаблівы рэкорд: нашу краіну абмяркоўваюць ужо сёмы раз. Па словах Ярашука, абмеркаванне мяркуецца вострае, бо ў Беларусі няма прагрэсу ў выкананні рэкамендацый МАП. Гэта засведчыў і адміністрацыйны савет МАП, паседжанне якога адбылося сёлета ў сакавіку.

На думку прафсаюзнага лідэра, Беларусь зноў можа патрапіць у спецпараграф МАП. Наступствы гэтага будуць неспрыяльнымі для нашай краіны.

Першыя вынікі такой палітыкі выявіліся ўжо летась. 21 чэрвеня 2007 года Еўрасаюзам былі скасаваныя гандлёвыя прэферэнцыі для Беларусі. А.Ярашук адзначае, што гэта прынесла не толькі прамыя эканамічныя страты нашай краіне, але і пазбавіла яе прыходу значных інвестыцый.

Ярашук: Калі і надалей рэкамендацыі не будуць выконвацца, то я не выключаю, што і на гэтай канферэнцыі прадстаўнікі каміітэта па нормах могуць падымаць пытанне аб тым, каб ужыць да Беларусі працэдуру, якая прадугледжана параграфам 33. Гэта выключная працэдура. Размова ідзе пра тое, каб звярнуцца да ўрадаў краін міжнароднай супольнасці, каб прыпыніць усякія адносіны з урадам Беларусі.

Наступствы такой меры для Беларусі А.Ярашук назваў катастрафічнымі. На яго думку, яшчэ не наспеў час для такіх захадаў, бо яны заводзяць сітуацыю ў тупік.