Бабруйчане ловяць рыбу, якая ўцякла з рыбгасу (фота)

Апошнія дні нават далёкія ад рыбалкі бабруйчане скіраваліся на Бярэзіну з вудамі. На рацэ літаральна няма вольнага месца. Злавіць карпа хоча кожны, тым болей, што кошт гэтай рыбы ў краме – прыкладна 8000 рублёў. Сапраўдны ажыятаж назіраецца і ў рыбалоўных крамах. Нагадаем, на мінулым тыдні з рыбгасу “Свіслач” у Асіповіцкім раёне збегла больш за 100 тон рыбы. Карп скіраваўся спачатку ў Свіслач, а пасля і ў Бярэзіну. Асіповіцкі райвыканкам забараніў лавіць рыбу ў Свіслачы, а вось на Бярэзіне ніхто лавіць рыбу не забараняў.



Бабруйскія рыбакі кажуць, што карп ловіцца даволі добра. Звязваюць гэта з тым, што ў рацэ яму нашмат менш ежы, чым ў рыбгасе, дзе яго ўдосталь кармілі камбікормам. Але ўсё часцей па рацэ плывуць і мёртвыя карпы – спёка і стрэс ад перасялення ў новыя ўмовы вытрымліваюць далёка не ўсе рыбы.