Бацька-педафіл спакушаў 5-гадовую дачку, але застаўся непакараным

Маці дзяўчынкі ўжо 4 гады дамагаецца, каб яе былога мужа асудзілі, але пакуль нават не распачатая крымінальная справа. На пачатку 2006 года Аксана (усе імёны змененыя — Еўрарадыё), сама дашкольны педагог, пачала звяртаць увагу на тое, што адносіны яе мужа і іх пяцігадовай дачкі Тані носяць дзіўны характар. Бацька, на погляд маці, занадта песціў дачку, дарыў дарагія рэчы, паводзіны абодвух выклікалі насцярогу. Але жанчына усё спісвала на тое, што для Ўладзіміра, старэйшага за яе на 18 гадоў, гэта позняе дзіця і той такім чынам выказвае сваю радасць. Пакуль не звярнулася па кансультацыю да адмыслоўцаў у псіхіятрычную лякарню ў Навінках.

Аксана: “Расказала пра ўсе дзіўнасці паводзінаў і яго, і яе. І псіхіятр пацвердзіў, што гэта носіць сэксуальныя схільнасці і што так сябе паводзяць педафілы”.

Паспрабавала абмеркаваць гэта з мужам, але той адказаў, што ёй усё падаецца. І жанчына панесла на мужа заяву ў пракуратуру. Заяву прынялі і паабяцалі правесці праверку. Прызначылі размову следчага і спецыяліста-псіхолага з дзіцём у прысутнасці маці. Але да гэтага выклікалі да следчага мужа Аксаны.

Аксана: “Пасля таго, як быў апытаны мой муж, паводзіны і дзеянні следчага проста шакавалі. На размову з дачкой быў запрошаны агульны педагог з РАНА, які не абазнаны ў пытаннях зменаў паводзінаў дзяцей, якія зазналі сэксуальныя дамаганні. І на час допыту следчы мяне папрасіла выйсці з пакоя”.

Маці настаяла на сваёй прысутнасці падчас допыту, але размовы ў “спецыяліста” і следчага пракуратуры з пяцігадовай дзяўчынкай не атрымалася. Як вынік — адмова распачаць крымінальную справу.

З мужам Аксана рассталася, але здароўе дачкі выклікала ўсё большы неспакой.

Аксана: “У яе рэзка ўзнікла сэксуальная заклапочанасць. Яна патрабавала ад іншых дарослых, якія былі ў доме, тых дзеянняў, якія з ёй здзяйсняў бацька. Гульня ў “галыша” — усе павінны былі распранацца, расстаўляць ногі, асабліва мужчыны. І яна хацела хлопаць па палавых органах менавіта мужчынаў”.

Паводле яе словаў, гульнямі справы ў бацькі з дачкой не абмяжоўвалася — быў і аральны сэкс. Спрабуючы выправіць здароўе дачкі, маці вадзіла яе і ў дзіцячы псіха-неўралагічны дыспансер, і ў сацыяльны цэнтр дапамогі сям’і і дзецям, але, кажа, нідзе не атрымала кваліфікаванай дапамогі па рэабілітацыі здароўя Тані. А высновы айчыннай экспертызы толькі больш заблыталі сітуацыю.

Аксана: “Дзве экспертызы былі праведзеныя, і высновы іх аднолькавыя: дзяўчынка не можа даваць паказанні, бо пакутуе ад пэўных захворванняў. А захворванне судмедэксперты вывелі такое, якога няма нават у міжнароднай класіфікацыі хваробаў! Яны тры псіхічныя захворванні сумясцілі ў адно”.

Праўда, такія падрабязнасці маці даведалася ад спецыялістаў маскоўскага псіха-медыка-сацыяльнага цэнтра “Азон”, куды Аксана самастойна адвезла дачку. Гэта ж пацвердзіў у размове з Еўрарадыё і дырэктар гэтага цэнтра, кандыдат медыцынскіх навук, дарадчык юстыцыі Яўген Цымбал. Згодна з яго словамі, беларуская экспертыза была аднабаковай.

Яўген Цымбал: “Спецыялісты рэдка сутыкаюцца з такімі сітуацыямі. І тыя парушэнні ў паводзінах, якія сталі наступствам псіхічнай траўмы, былі ўспрынятыя экспертамі як праява псіхічнага расстройства. Гэта першы недахоп. А другі ў тым, што яны вывучалі толькі стан дзіцяці. Але ў справе маюцца яе паказанні, якія яна давала цягам некалькіх гадоў. Паказанні запісаныя амаль даслоўна. Гэтыя матэрыялы таксама маглі быць аб’ектам даследавання экспертаў. І тады іх высновы маглі быць іншымі”.





Высновы спецыялістаў прывялі Аксану да думкі абавязкова пакараць мужа, які, як высветлілася, такім жа чынам паводзіў сябе і з другой сваёй дачкой ад папярэдняга шлюбу. Дарэчы, 20-гадовая дзяўчына ў 2007 годзе таксама напісала на бацьку заяву ў пракуратуру. Толькі і гэта не дапамагло Аксане прымусіць следчых прыцягнуць Уладзіміра да адказнасці.







Не падзейнічалі звароты ні ў раённую, ні ў Генеральную пракуратуру, ні ў Адміністрацыю прэзідэнта.

Аксана: “Адміністрацыя прэзідэнта мяне адкідвала пастаянна. Мае лісты з аддзела па звароце грамадзян проста вярталіся назад”.



Сустракалася яна асабіста і з намеснікам начальніка прававога аддзела Адміністрацыі Андрэем Мацельскім, але таксама, нягледзячы на яго абяцанні дапамагчы, справа скончылася нічым.

Але ў тым, што педафіл павінен быць пакараны, нягледзячы ні на што, упэўнена не толькі былая жонка Ўладзіміра — з гэтым пагаджаецца і маскоўскі псіхіятр.

Яўген Цымбал:
“Гэты чалавек прадстаўляе відавочную грамадскую небяспеку. У матэрыялах справы маюцца паказанні дзяўчыны, якая шмат гадоў таму перажыла тыя ж дзеянні. Таму — гэта не выпадковая памылка, а сістэма паводзінаў. Такія людзі мусяць быць пакараныя, грамадства мусіць быць ізалявана ад іх”.

Аксана не збіраецца супакойвацца і будзе працягваць звяртацца ва ўсе магчымыя інстанцыі і ўстановы з патрабаваннем пакараць педафіла. А Яўген Цымбал кажа, што дзякуючы своечасоваму звароту маці па дапамогу ёсць спадзяванне, што псіхічная траўма, атрыманая ў дзяцінстве, не адаб’ецца на здароўі Тані ў будучыні.