Бацькі першакласнікаў у Глыбокім "пахавалі" беларускамоўную школу

Глыбоцкая школа № 3, якая дагэтуль была адзінай беларускамоўнай гарадской школай у Віцебскай вобласці, перайшла на двухмоўнае навучанне. 25 верасня ў школе прайшла канферэнцыя, на якой бацькі, выкладчыкі і вучні сумесна вырашалі далейшы лёс школы. Большасць галасоў была аддадзена за змены ў статуце школы. Дарэчы, класы з рускай мовай навучання ў школе № 3 былі створаны з 1 верасня, амаль за месяц да канферэнцыі.

Падрабязнасці гэтай невясёлай падзеі даведалася нашая карэспандэнтка Ядвіга Сташэўская:

“Паводле кіраўніка раённага аддзела адукацыі Рамана Тарасевіча, аддзел адукацыі намагаўся захаваць школу цалкам беларускамоўнай, але ініцыятыва стварэння рускамоўных класаў належыць бацькам першакласнікаў.

Згодна з законам аб адукацыі, бацькі маюць права абіраць мову навучання для сваіх дзяцей. Спадар Тарасевіч заверыў, што якасць навучання ў рускамоўных класах не знізіцца”.


Разам з першым класам на рускую мову пераведзены і другі. У мінулым годзе дзеці пачыналі вучыцца па-беларуску, але іх бацькі вырашылі, што руская мова больш прэстыжная і патрэбная.