Бакіеў: У перавароце ў Кыргызстане ўскосна вінаватая Расія

На прэс-канферэнцыі ў Мінску Курманбек Бакіеў заявіў, што калі б да перавароту запатрабавалі яго адстаўкі ― ён бы пагадзіўся, каб пазбегнуць ахвяр, і распавёў, што пакуль не вызначыўся, колькі яшчэ прабудзе ў Беларусі. Расія ўскосна вінаватая ў перавароце ў Кыргызстане. Пра гэта на прэс-канферэнцыі ў Мінску заявіў былы прэзідэнт краіны Курманбек Бакіеў. Паводле яго слоў, павышэнне пошлін на нафтапрадукты выклікала рост цэн, што пацягнула і народныя хваляванні. Да таго ж Маскве не падабаліся амерыканскія базы ў Кыргызстане.

Бакіеў адзначыў, што пакінуў краіну па просьбе Ўладзіміра Пуціна і прэзідэнта Казахстана Нурсултана Назарбаева, якія патрабавалі не дапусціць вайны паміж поўднем і поўначчу Кыргызстана.

У чарговы раз ён нагадаў, што не прызнае сваю адстаўку, бо пераслед яго сваякоў не спынены. Пры гэтым Бакіеў адзначыў, што не збіраецца бліжэйшым часам вяртацца на Радзіму. З тым, колькі прабудзе ў Мінску, ён пакуль не вызначыўся. Прасіць палітычнага прытулку нідзе пакуль не плануе.

Таксама Бакіеў з крыўдай адзначыў, што ніводзін з калег па АДКБ на сувязь да гэтага часу не выходзіў: “Магчыма, баяцца апынуцца ў такой жа сітуацыі”. І падзякаваў Лукашэнку, што не пабаяўся прыняць яго.

Паводле яго слоў, усе крымінальныя структуры з суседніх краін цяпер у Бішкеку, дзе адбываецца масавае рабаўніцтва і марадзёрствы.

“Ёсць дадзеныя, што сярод загінулых мітынгоўцаў, ёсць застрэленыя ў патыліцу. Сваімі. І пахаваныя невядома дзе”.

Па словах экс-прэзідэнта, расійскія СМІ аднабока падавалі падзеі з Бішкека, а дзярждэп ЗША трапіў пад іх уплыў і не асудзіў пераварот.

“Калі б да перавароту запатрабавалі адстаўкі ― я б пагадзіўся, каб пазбегнуць ахвяр”, ― заявіў Бакіеў.