Бакіеў заяўляе, што ўсё яшчэ знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі

Курманбек Бакіеў заяўляе, што па-ранейшаму знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі. Пра гэта ён паведаміў па тэлефоне карэспандэнту кіргізскай службы "Радыё Свабода". Такім чынам ён аспрэчыў нядаўнія звесткі шэрагу СМІ, якія паведамлялі, што экс-прэзідэнт Кыргызстану вылецеў у Турцыю на пачатку кастрычніка разам з Аляксандрам Лукашэнкам.

На пытанне пра тое, ці займаецца ён у Беларусі бізнэсам і за кошт чаго цяпер жыве, Бакіеў адказаў, што працаваў мэнэджарам з 1985 года. Дзякуючы гэтаму, маўляў, ён мае дастаткова грошай, каб забяспечыць сваю сям'ю ўсім.

Бакіеў таксама аспрэчыў інфармацыю пра тое, што ён нібыта фінансаваў з-за мяжы тыя партыі, якія атрымалі месца ў парламенце Кыргызстана ў выніку выбараў 10 кастрычніка.