Балгарскія дыпламаты ведаюць пра выказванні Баткава, але іх не каментуюць

Балгарская амбасада ведае пра выказванні ўласніка “Леўскага” Тодара Баткава ў адносінах да Беларусі. Аднак пакуль дыпламаты нічога не каментуюць.
Нагадаем, напярэдадні матчу “Леўскі” — БАТЭ ўласнік сафійскай каманды абразліва выказаўся ў адносінах да нашай дзяржавы назваўшы Беларусь выпадковай і штучнастворанай краінай.

Лідэр Партыі БНФ Лявон Баршчэўскі звярнуўся ў амбасаду Балгарыі з просьбай паўплываць на Тодара Баткава, каб ён прынёс афіцыйныя прабачэнні.

Лявон Баршчэўскі: "Нельга неабачліва гаварыць такія рэчы. Тым больш, што каманда яго прайграла. Думаю, самае лепшае ў такіх справах адказваць поспехам на спартовым полі. Мяркую, што ён ужо разумее, што ляпнуў не тое”.

Георгій Карасаматаў, які часова выконвае абавязкі балгарскага амбасадара, паведаміў Еўрарадыё, што ліст ад Лявона Баршчэўскага яны пакуль не атрымлівалі. Ён паабяцаў, што калі яго атрымаюць, то абавязкова разгледзяць і накіруюць “куды патрэбна”. Спадар Карасаматаў паведаміў, што чытаў выказванні ўласніка сафійскага клуба, але адмовіўся іх каментаваць.

“Я не магу каментаваць заявы прэзідэнтаў футбольных або іншых клубаў і наогул спартовыя жарсці. Мы ўсё ж такі афіцыйная інстытуцыя. Не магу каментаваць”.

Дарэчы, прэзідэнт клуба “Леўскі” — асоба ў Балгарыі вельмі вядомая. Ён з’яўляецца самым высокааплатным адвакатам у краіне. Уласнікам клуба Баткаў стаў пасля таго, як папярэдняга ўладальніка, расійскага бізнесмена Міхаіла Чарнога дэпартавалі з Балгарыі за эканамічныя махінацыі.