"Балтыка": Экспарцёры піва ў Беларусь не ўжываюць ценявыя схемы

Расійскія кампаніі, што пастаўляюць піва ў Беларусь, не ўжываюць ценявыя схемы. Пра гэта РІА "Новости" заявіў прадстаўнік вядомай расійскай піваварнай кампаніі "Балтыка" Аляксей Кедрын. Па словах аднаго з вядучых экспарцёраў піва ў Беларусь, "шэрыя" схемы для ўвозу расійскага піва даўно не ўжываюцца.

Нагадаем, што ў аўторак супрацоўніца Камітэта дзяржаўнага кантролю Беларусі Алена Масурноўская заявіла, што 20% расійскага піва ўвозіцца ў краіну і рэалізуецца з выкарыстаннем ценявых схем. Па яе словах, сёлета Беларусь недаатрымала ў выглядзе падаткаў ад імпарту каля 15 мільярдаў рублёў (больш за 5 мільёнаў долараў).