Банкамат "падарыў" бабруйчанину 5 мільёнаў рублёў

Як піша "Комсомольская правда", 22-гадовы малады чалавек хацеў зняць невялікую суму з карты. Але банкамат яе вярнуў і проста так выдаў шчасліўчыку ажно 5 мільёнаў рублёў. Узрадаваўшыся свайму поспеху, мужчына пайшоў траціць "лёгкія грошы". Ён нават паспеў прагуляць адзін мільён з пяці, пакуль яго знайшлі міліцыянты.



Выявілася, што дармовыя 5 мільёнаў зусім не былі падарункам банка. Іх зняў са сваёй карты 41-гадовы мужчына, які стаяў у чарзе перад ім. Падчас аперацыі банкамат паводзіў сябе дзіўна: спачатку задумаўся, а потым вярнуў карту. Мужчына вырашыў, што ў гэтым банкамаце скончыліся грошы і пайшоў шукаць іншы. Банкамат жа тым часам выдаў грошы наступнаму ў чарзе чалавеку.



Калі была выяўленая нястача на карце, бабруйчанін звярнуўся ў банк. Пасля прагляду запісаў камеры відэаназірання стала ясна, хто ўзяў грошы.



На маладога чалавека, які забраў у банкамаце чужыя грошы, крымінальную справу не пачыналі, бо ён вярнуў усю суму законнаму ўладальніку.



Фота — ilook.by