Банкі ідуць на саступкі атрымальнікам крэдытаў?
Як даведалася Еўрарадыё, шмат людзей пачалі звяртацца ў банкі з просьбай аб адтэрміноўцы выплаты крэдыту
Год таму аформіў крэдыт у вашым банку, а цяпер зменшыліся даходы і выплачваць стала цяжка. Ці можна як-небудзь зменшыць штомесячныя выплаты ці зрабіць адтэрміноўку? З такой просьбай я звярнуўся ў Белрасбанк.
Белрасбанк: "У нас разглядаецца неабходны комплекс мер па рэструктурызацыі плацяжоў па крэдытах. Арыентыровачна да траўня месяцу гэтае пытанне будзе вырашанае".
Такім чынам, мне трэба пратрымацца каля двух месяцаў — і можна разлічваць на адтэрміноўку. А пакуль мушу плаціць па поўнай.
Белрасбанк: "Пакуль адтэрміновак па крэдыце або пераафармленняў з валютнага ў рублёвы няма. Невядома, якім чынам будзе выглядаць пакет мер па праблемнай запазычанасці і цяжкім фінансавым становішчы крэдытаатрымальніка".
У Мінскім транзітным банку на мой запыт кажуць, што трэба напісаць заяву і патлумачыць прычыны, па якіх цяжка выплачваць крэдыт.
Мінскі транзітны банк: "Калі чалавек з нейкіх прычынаў, напрыклад, фінансавых, не можа выплачваць крэдыт, ён піша заяву, прыносіць яе ў банк. Яна рэгіструецца і разглядаецца на крэдытным камітэце банка. Рашэнне будзе залежыць ад пэўнай сітуацыі: бо адзін чалавек купляе машыну за 100 тысяч даляраў і кажа, што грошай няма, а іншы — за 5 тысяч, і ў яго сапраўды няма грошай. Усё ж бывае ў жыцці".
У Белгазпрамбанку таксама просяць патлумачыць прычыны. Банк хутчэй за ўсё пойдзе насустрач. Цяпер шмат людзей пачалі пісаць такія звароты, і рашэнні ў асноўным прымаюцца станоўчыя, супакойвае мяне начальнік Аддзела крэдытавання фізічных асобаў Белгазпрамбанку Алег Коўшар:
"Калі чалавек звяртаецца з просьбай і матывуе яе, то мы, вядома, ідзем насустрач. Рашэнне прымаецца альбо мной, альбо Камітэтам па рознічных аперацыях. Калі сума вялікая, то разглядае крэдытны камітэт. Але ўсё вырашаецца ў абсалютна індывідуальным парадку".
Аднак не ва ўсіх банках мне паабяцалі такія паслабленні. У банку Масква-Мінск, Прыёрбанку і Беларусбанку адказалі, што, на жаль, нічым дапамагчы не могуць. У Беларусбанку толькі дазволілі перанесці дэдлайн выплат з 20-га дня на канец месяца:
"Калі вы дамову складалі да 20-га, то можаце перааформіць, каб плаціць да канца месяца. Тут мы пойдзем вам на саступкі. А так вы кожны месяц павінны вяртаць нам тое, што ўзялі — інакш нам давядзецца турбаваць вашых даручальнікаў".
Проста банкі самі маюць права вырашаць такія пытанні, патлумачыў Еўрарадыё начальнік Упраўлення інфармацыі Нацбанка Анатоль Драздоў:
"Банкі самастойныя ў сваёй крэдытнай палітыцы. Калі ў іх праблемы са зваротам крэдытаў, то яны павінны прымаць меры — гэта ж іх грошы. Тут не трэба ніякіх дадатковых пастаноў. Яны самі вырашаюць, зыходзячы з сітуацыі, якая складаецца ў іх у крэдытным партфелі".
У любым выпадку можна напісаць заяву ў банк з просьбай змяніць умовы. У Грамадзянскім кодэксе прапісана, што палажэнні дамовы могуць змяняцца па згодзе абодвух бакоў. Калі банк пагодзіцца з новымі ўмовамі, то вам пашанцавала: значыць можна будзе атрымаць паслабленні.
Пры падрыхтоўцы калажу былі выкарыстаныя фотаздымкі bymedia.net і mk.ru