Баранавіцкіх свіней па-ранейшаму ахоўваюць міліцыянты (фота, відэа)

Ужо тыдзень усе дарогі да прадпрыемства вартуюць пасты ДАІ. Праўда, цяпер яны тлумачаць забарону на праезд не "дэзінфекцыяй", як раней, а "санітарнымі мерапрыемствамі", піша газета "Intex-press".



Журналісты выдання адзначылі, што недалёка ад комплексу з'явіліся незразумелыя кучы пяску з вапнай. Паходжанне гэтых кучаў міліцыя не патлумачыла.



Нагадаем, што на днях хворым свінням з "Усходняга" паставілі афіцыйны дыягназ — рэпрадуктыўна-рэспіраторны сіндром свінняў. Гэты ж дыягназ пацвердзілі расійскія спецыялісты. Афрыканскай чумы, якую так баяліся, не выяўлена. Аднак Украіна ўвяла забарону на ўвоз беларускай свініны на сваю тэрыторыю.



Па словах галоўнага раённага ветлекара Мікалая Пакумейкі, цяпер на комплексе колюць жывёлаў на перапрацоўку. У свежым выглядзе мяса хворых свіней на прылаўках не з'явіцца. А перапрацоўку свініны на выраб кансерваў, каўбас, грудзінак і карэйкі санітарныя правілы дапускаюць.



Фота — intex-press.by