Баразенку дадуць новага суддзю — заміж Есьмана

Адвакат Павел Сапелка чакае, што для працэсу яго падабароннага Аляксандра Баразенкі прызначаць новага суддзю.  Нагадаем, што судзіць Баразенку за ўдзел у зімовых вулічных акцыях прадпрымальнікаў павінен быў суддзя Валеры Есьман. Яго, а таксама суддзяў Алену Ільіну і Таццяну Паўлючук на нарадзе па супрацьдзеянні карупцыі 13 лістапада Аляксандр Лукашэнка загадаў зняць з пасадаў.

Павел Сапелка кажа, што справу ад Есьмана маглі б перадаць суддзі Ільіной, але яна таксама патрапіла ва ўчарашні "чорны спіс":

Сапелка: Будзе перададзена іншаму суддзі. Калі б Есьман быў адзін у гэтым спісе, я б сказаў — напэўна, суддзі Ільіной, якая таксама ведае гэтыя матэрыялы. Але суддзю Ільіну таксама ўключылі ў лік гэтых траіх. таму будзе нехта іншы.

Ад змены суддзі адвакат чакае не столькі лаяльнасці да Баразенкі, колькі аб'ектыўнасці на працэсе.

Сапелка: Нам неабходны аб'ектыўны падыход, які б грунтаваўся на законе і на праве. У тым ліку на праве міжнародных дамоваў, якія даюць (пардон за таўталогію!) права кожнаму грамадзяніну свабодна выказваць сваю думку і ўдзельнічаць у масавых мерапрыемствах — я кажу пра свабоду сходаў.