Барысаўскімі ідэолагамі будзе займацца Камітэт дзяржкантролю?

Барысаўскія міліцыянты з аддзелу барацьбы з карупцыяй і эканамічнымі злачынствамі правялі праверку дзеянняў мясцовага ідэолага. На кіраўніцу ідэалагічнага аддзела райвыканкама Людмілу Гарнак паскардзілася прадпрымальніца Алена Фомкіна, паведамляе прэс-служба "Беларускай асацыяцыі журналістаў". Прадпрымальніца вырашыла заняцца продажам газет і часопісаў і склала асартыментны пералік выданняў. Але ўзгадніць іх у Барысаўскім райвыканкаме не ўдалося: галоўны ідэолаг катэгарычна адмовілася падпісваць пералік, пакуль у ім ёсць недзяржаўная газета "Борисовские новости".

Падчас праверкі спадарыня Гарнак пацвердзіла, што сапраўды настойвала на выключэнні згаданага выдання з пераліку. Сваё рашэнне яна матывавала тым, што "на старонках недзяржаўнай газеты „Борисовские новости“ публікуюцца матэрыялы, накіраваныя на дыскрэдытацыю органаў улады і ўпраўлення як у Барысаўскім раёне, так і ў краіне ў цэлым".

Міліцыянты канстатавалі, што ідэалагічная работніца перашкаджала законнай прадпрымальніцкай дзейнасці прадпрымальніцы. Яны не пабачылі ў гэтых дзеяннях крымінальнага злачынства, бо няма буйных стратаў. Аднак у той жа час ахоўнікі парадку прызналі, што існуе парушэнне Адміністрацыйнага кодэксу —  перашкоды ў законнай прадпрымальніцкай дзейнасці. Гэтае парушэнне караецца штрафам ад 20 да 50 базавых велічыняў (ад 700 тыс.руб. да 1 млн 750 тыс.руб.).

Сваю пастанову міліцыянты накіравалі ў Камітэт дзяржаўнага кантролю.