Басіст The Toobes трапіў у аварыю і перанёс складаную аперацыю

Бас-гітарыст гурта The Toobes Стась Мурашка трапіў у роварную аварыю і перанёс складаную аперацыю. Аднак адмаўляцца ад канцэртаў гурт, чый канцэртны графік распісаны на ўсё лета, не збіраецца. Пра гэта Еўрарадыё распавёў бубнач каманды Стась Ламакін.

Стась Ламакін: “Стась – наш басіст, трапіў у роварную аварыю, пасля чаго перанёс складаную аперацыю. Тым не менш пакуль ад канцэртаў мы не адмаўляемся. Я спадзяюся, будзе ўсё добра, яму проста нельга напружвацца. Будзе граць седзячы”.

Ужо ў бліжэйшую пятніцу “Тубсы” накіроўваюцца ў Кіеў, дзе сыграюць ў межах індзі-вечарыны ў арт-клубе “44” на Хрышчаціку, пасля чаго рушаць на Піцер і Маскву.

Што тычыцца працы гурта са знакамітым Tricky, які, нагадаем, працуе над звядзеннем і мастэрынгам альбома The Toobes, дык, паводле Стася Ламакіна, тут узніклі нюансы, пра якія пакуль не паведамляецца прэсе, аднак якія мусяць вырашыцца станоўча для каманды.

Стась Ламакін: “Праца працягваецца. Але, як апынулася, не ўсё так проста. Узнікла шмат сустрэчных пытанняў, якія пакуль не абмяркоўваюцца ў прэсе. Але пакуль усё ў сіле. Усё працуе. Ідзе звядзенне матэрыялу. Чым усё скончыцца – паглядзім”.

“Тубсы” у Кіеве: http://www.rtkorr.com/news/2010/06/16/145421.new