БАЖ нагадвае пра гадавіну ператрусаў у незалежных журналістаў

Роўна год таму, 27 і 28 сакавіка 2008-га, супрацоўнікі КДБ правялі ператрусы ў шэрагу рэдакцый замежных СМІ, офісах недзяржаўных арганізацый, а таксама прыватных кватэрах журналістаў па ўсёй Беларусі. Пра гэта нагадвае прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў.  Агулам за два сакавіцкія дні 2008 года пацярпелі больш за 25 прадстаўнікоў прэсы. Бадай ва ўсіх іх спецслужбы забіралі носьбіты інфармацыі. На сённяшні дзень рэчы аддалі ўсім журналістам, хаця некаторым давялося напісаць для гэтага дзесяткі лістоў.

Усе ператрусы праводзіліся на падставе "даручэння" тагачаснага намесніка пракурора г. Мінска Аляксея Стука першаму намесніку старшыні КДБ генерал-маёру Вегеру В.П. У дакуменце былі пералічаныя прозвішчы 17 чалавек, якія, па аператыўных звестках, нібыта з’яўляюцца супрацоўнікамі тэлеканала "Белсат". Акрамя гэтага, у "даручэнні" паведамлялася, што ператрусы трэба правесці таксама ў "іншых актывістаў радыкальных палітызаваных груповак".

Як патлумачыў пазней начальнік следчага аддзела пракуратуры Мінска Сяргей Іваноў, ператрусы ладзіліся ў межах папярэдняга расследавання крымінальнай справы аб паклёпе на прэзідэнта (ч.1 арт. 367 КК РБ) у дачыненні да грамадзян А. Мініча, П. Марозава і А.Абозава. Справа была распачатая ў жніўні 2005 г. пракуратурай г. Мінска па факце распаўсюду ў інтэрнэце сатырычных мультфільмаў. Пасля ператрусу і канфіскацыі камп’ютараў у згаданых асобаў тыя з’ехалі за мяжу.

Між тым, начальніца ўпраўлення інфармацыі Міністэрства замежных спраў Марыя Ваньшына з нагоды ператрусаў заявіла, што ўсе журналісты і рэдакцыі, у якіх быў праведзены ператрус, працавалі ў Беларусі без акрэдытацыі.

Аднак усе далейшыя спробы журналістаў замежных СМІ атрымаць акрэдытацыю ў Беларусі на працягу года пасля ператрусаў засталіся беспаспяховымі.