БАЖ не здаволены адказам Генпракуратуры на свой зварот

Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ) не здаволенае адказам Генеральнай пракуратуры на свой зварот. Грамадскае аб'яднанне звярталася з нагоды папярэджанняў, вынесеных журналістам за супрацоўніцтва з замежнымі СМІ без акрэдытацыі. Нагадаем, 9 кастрычніка БАЖ накіраваў зварот на імя генеральнага пракурора Беларусі Рыгора Васілевіча. У лісце выказвалася заклапочанасць "абмежавальным растлумачэннем" пракурорскімі работнікамі заканадаўства аб СМІ. На думку юрыстаў арганізацыі, пракурорскія работнікі зважаюць толькі на пункт 4 артыкулы 35 закона "Аб сродках масавай інфармацыі", які забараняе прафесійную дзейнасць журналістаў у карысць замежных СМІ без акрэдытацыі. У той жа час яны не ўлічваюць пункт 6 артыкулы 1 закона, у адпаведнасці з якім журналістамі замежных СМІ з'яўляюцца толькі асобы, звязаныя з гэтым СМІ працоўнымі адносінамі.

"У адказе, атрыманым БАЖ за подпісам начальніка аддзела па наглядзе за выкананнем правоў і свабодаў грамадзян Паўла Радзівонава, гаворыцца, што абскардзіць папярэджанні могуць толькі тыя асобы, якім яны вынесеныя, а пракурорскі нагляд за выкананнем заканадаўства аб СМІ арганізаваны ў адпаведнасці ў патрабаваннямі законаў "Аб пракуратуры" і "Аб сродках масавай інфармацыі", — паведаміў БелаПАН намеснік старшыні БАЖ, юрыст Андрэй Бастунец.

"Пракуратура фармальна падышла да адказу на наш зварот. Мы звярталі ўвагу на няправільнае тлумачэнне заканадаўства пракурорскімі работнікамі пры вынясенні папярэджанняў, намі ж быў атрыманы адказ на іншае пытанне — хто мае права нешта абскардзіць. Гэты адказ, па меншай меры, некарэктны", — лічыць Бастунец.

Па звестках маніторынгу БАЖ, з моманту ўступлення ў дзеянне новага закона "Аб сродках масавай інфармацыі" органы пракуратуры вынеслі як мінімум 15 вусных і пісьмовых папярэджанняў журналістам за парушэнне закона ў частцы працы без акрэдытацыі на замежныя СМІ.