Белаграпрамбанк можа аднавіць выдачу крэдытаў на жыллё на наступным тыдні

Адзін з найбуйнейшых банкаў краіны “Белаграпрамбанк” часова прыпыніў выдачу крэдытаў на пакупку або будаўніцтва жылля. Пра гэта Еўрарадыё паведамілі ў адным з філіялаў банку.

“На жыллё мы пакуль не даем. Мы выдавалі, але пакуль прыпынілі”.

У галоўным упраўленні “Белаграпрамбанка” адмовіліся называць прычыны такога рашэнне. Пры гэтым адзначылі, што выдачу крэдытаў на жыллё могуць аднавіць ужо на наступным тыдні. Праўда, стаўкі на іх з мінулага аўторка павышаныя з 17-20% да 21-24%.

“На гэтыя віды крэдытаў мы ўжо павысілі стаўку. Таму пасля аднаўлення выдачы плаціць давядзецца па новых стаўках. На будаўніцтва тым, хто ў нястачы, — 21%, астатнім — 24%”, патлумачылі ў банку.

Такім чынам, у Беларусі скарацілася колькасць банкаў, якія выдаюць крэдыты на жыллё, да 4. Сярод іх — два найбуйнейшыя дзяржаўныя банкі, "Беларусбанк" і "Белінвестбанк", выдаюць крэдыты толькі ў беларускіх рублях.