Беларусь і Расія пяройдуць на роўнадаходныя кошты на газ у 2014-2015 годзе

Беларусь і Расія дамовілася пра пераход на роўнадаходныя кошты на газ з 2014—2015 года. Пра гэта паведаміў першы віцэ-прэм'ер Беларусі Ўладзімір Сямашка.
Паводле яго слоў, да канца гэтага года будуць урэгуляваныя адносіны дзвюх краін у газавай сферы. Ён мяркуе, што перамовы будуць няпростымі, паведамляе БелаПАН.

Нагадаем, паводле кантракту Беларусь павінна была з 2011 года выйсці на ўзровень кошту на газ, роўнадаходны з пастаўкамі ў Еўропу. Аднак беларускі бок настойваў на захаванні льготных коштаў.

Мінск матываваў гэта тым, што Расія адкладае увядзенне роўнадаходных коштаў на ўнутраным рынку, якое павінна было адбыцца ў 2011 годзе, а Беларусь і Расія з'яўляюцца саюзнай дзяржавай.

Сёлета сярэдні кошт на газ для нашай краіны складаў 146 долараў за тысячу кубаметраў.