Беларусь і Расія зацвердзілі праект будаўніцтва першай АЭС

Масква і Мінск зацвердзілі тэкст праекту пагаднення аб будаўніцтве першай беларускай АЭС. Пра гэта паведамляе прэс-служба расійскага прадпрыемства “Атамбудэкспарт".
Дакумент быў узгоднены 7 жніўня ў Мінску падчас нарады прадстаўнікоў дзвюх краін, прысвечанай пытанню будаўніцтва беларускай АЭС. Наступным этапам стануць міжведамасныя ўзгадненні праекту дамовы ў Расіі і ў Беларусі.

Партнёрамі таксама быў падпісаны план сумеснай працы да канца 2009 года па праекце будаўніцтва АЭС.

У межах гэтага плана ў бліжэйшым часе ў Санкт-Пецярбургу пройдзе сумесная нарада, на якой бакі зоймуцца распрацоўкай абгрунтавання інвесціравання ў будаўніцтва АЭС.