Беларусь можа страціць у Мытным саюзе на аўтамабілях 200 млн долараў

Па экспертных ацэнках, страты беларускага бюджэту на аўтамабільных мытах пасля фармавання Мытнага саюза Беларусі, Расіі ды Казахстана могуць скласці 200 млн долараў. Пра гэта БЕЛТА паведаміў старшыня Дзяржаўнага мытнага камітэта Аляксандр Шпілеўскі. "Беларусь не вырабляе аўтамабіляў, таму нам ёсць наконт чаго таргавацца ў рамках Мытнага саюза, каб кампенсаваць страты бюджэту", — адзначыў ён.

Аляксандр Шпілеўскі пацвердзіў раней агучаную інфармацыю, што пошліны на ўвоз аўтамабіляў для фізічных асоб не агаворваецца ва ўжо ўзгодненым Адзіным мытным тарыфе Мытнага саюза: яны будуць рэгулявацца іншымі дакументамі. У той жа час ён не выключае, што ў сувязі з фармаваннем Мытнага саюза пошліны на ўвоз аўтамабіляў у Беларусь для юрыдычных асоб будуць паднятыя да ўзроўню расійскіх.

Паводле прагнозаў экспертаў, пасля павелічэння пошлін увоз аўтамабіляў у Беларусь з-за межаў Мытнага саюза можа спыніцца практычна цалкам на тэрмін ад года і больш. Менавіта з гэтым і звязваюцца магчымыя страты беларускага бюджэту.