Беларус на грузавіку заблукаў на нямецкім аўтабане

Накірунак на нямецкім аўтабане пераблытаў беларус, які кіраваў грузавіком.  Прадстаўнікі нямецкай дарожнай паліцыі, якія працуюць на трасе, дзе адбылося здарэнне, кажуць, што з падобным інцыдэнтам сутыкнуліся ўпершыню. На шчасце, абышлося без цяжкай аварыі.

31-гадовы беларус ехаў на сваім грузавіку ў бок гораду Білефельд, што ў зямлі Паўночны Рэйн-Вестфалія. На сістэматычныя папярэджанні паліцыянтаў адносна таго, што ён пераблытаў трасу, кіроўца ніяк не рэагаваў.

Машыны, якія ішлі насустрач беларускаму аўтамабілю, мусілі ўсяляк ухіляцца. Час ад часу ўхіляўся і беларус на сваім грузавіку, потым ён стаў выкарыстоўваць паласу абгону.

Нарэшце нямецкія паліцыянты вымушаны былі часова заблакаваць рух на аўтабане. Кіроўца спыніўся толькі пасля таго, як транспартная паліцыя, якая ехала ў тым жа напрамку, аднак на супрацьлеглай частцы дарогі, пачала інтэнсіўна сігналіць і жэстыкуляваць.

Як высветлілася, кіроўца быў п’яны. Пры затрыманні ён нават аказаў супраціў. Даследаваўшы грузавік, паліцыя знайшла свежыя сляды аварыі. Усе акалічнасці будуць высвятляцца. Кіроўцу чакае судовы працэс, паведамляе Радыё Свабода.