Беларус-наркакур'ер арганізаваў бойку на беларуска-украінскай мяжы

Грамадзяніна Беларусі, які ехаў ва Украіну з наборам наркотыкаў, затрымалі памежнікі Луцкага атрада і супрацоўнікі мытні ў пункце пропуску "Пішча". Пры затрыманні беларус аказаў супраціўленне.  Як інфармуе сайт Дзяржпамежслужбы Украіны, памежнікі мелі папярэднюю інфармацыю аб магчымай датычнасці беларуса да ўвозу наркотыкаў. Падчас правядзення агляду памежны сабака падаў сігнал кінолагам аб тым, што ў сумцы ёсць наркотыкі. Шэсць поліэтыленавых пакуначкаў з амаль шасцю грамамі парашка, паводле папярэдніх дадзеных — амфітаміна, мужчына схаваў ва ўпакоўцы гігіенічных сурвэтак, а тры грамы марыхуаны — у скрынцы з-пад лекаў.

Відавочна, не чакаючы такога развіцця падзей, беларус спрабаваў аказаць супраціўленне. З-за гэтага яму надзелі кайданкі. Зараз парушальнік затрыманы да разгляду справы ў судзе, дзе ён будзе адказваць не толькі за перапраўку наркотыкаў, але і за злоснае непадпарадкаванне праваахоўнікам.