Беларусь не атрымала другі транш расійскага крэдыту

Нягледзячы на раней дасягнутыя дамоўленасці, другі транш расійскага стабілізацыйнага крэдыту да канца лютага ў Беларусь не паступіў. Пра гэта паведаміў Нацбанк нашай краіны. У Міністэрстве фінансаў Беларусі сітуацыю з другім траншам крэдыту пакуль не каментуюць. Нагадаем, першы транш у памеры 1 млрд долараў быў атрыманы ў лістападзе 2008 года.

Планавалася, што яшчэ 1 млрд долараў будзе пералічаны да канца лютага пасля падпісання праграмы сумесных дзеянняў па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым у канцы студзеня расійскі прэм'ер Уладзімір Пуцін паабяцаў паскорыць выдачу другой паловы сродкаў.

27 лютага прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі заявіў, што Мінфін Расіі прапанаваў падзяліць другую частку крэдыту на два траншы - па 500 млн долараў у лютым і сакавіку. Чаму гэтая прапанова не была рэалізаваная, пакуль невядома.

БелаПАН