Беларус у Пружанскім раёне атрымлівае ў 6 разоў менш за кітайца

Пры тым, што і беларусы, і кітайцы на палях замежнага аграпрадпрыемства “Шэнян” выконваюць аднолькавую працу Апошнім часам кітайцаў можна сустрэць не толькі ў беларускіх ВНУ, на рынках і будоўлях, але і на вёсках. Да прыкладу, у Пружанскім раёне непадалёк ад вёскі Шчэрчава яны арганізавалі замежнае аграпрадпрыемства “Шэнян” і вырошчваюць агуркі, капусту, дыні. Сёння, паводле слоў сакратаркі Шчэрчаўскага сельвыканкама Алены Меляшкевіч, там працуюць 89 кітайцаў і 6 мясцовых жыхароў. Хаця спачатку жаданне працаўладкавацца да кітайцаў выказалі каля 100. Людзі сыходзяць, бо сваім кітайцы плацяць ледзь не ў 6 разоў больш, чым беларусам.

Алена Меляшкевіч: “Жадаючых працаўладкавацца было каля 100 чалавек ад пачатку, калі толькі чуткі хадзілі аб гэтым прадпрыемстве. На сход, які яны канкрэтна правялі, прыйшло каля 30 чалавек. У выніку на працу ўладкаваліся 10 чалавек. А на дадзены момант 6 толькі працуюць. Не задавальняе іх тое, што нашым плацяць мала, а сваім шмат. Кітайцам — 800 долараў, а ім — 150. А працу чарнавую трэба выконваць”.

З-за гэтага і не вельмі добрае стаўленне да кітайцаў у мясцовых жыхароў, кажа сакратарка. Хоць да відавочных канфліктаў справа пакуль не даходзіла.

Алена Меляшкевіч: “Не хачу нават пра гэта казаць, шчыра кажучы. Тлумачальная праца праводзіцца, каб добразычліва і нармальна да іх ставіліся. Ніякіх такіх канфліктаў пакуль няма. Але працаваць у іх не вельмі хочуць, няма такіх жадаючых”.

Але, як высветлілася, ісці працаваць да кітайцаў мясцовыя жыхары не хочуць не толькі з-за “грашовай дыскрымінацыі”. Падчас працы госці з Паднябеснай аддаюць перавагу не тэхніцы, а рыдлёўцы.

Алена Меляшкевіч: “Ім узаралі зямлю калгасным трактарам, апрацавана глеба была. Але цяпер усё матыкамі — ніякіх там узворванняў, нічога іншага. У асноўным ручная праца”.

Частка кітайцаў жыве ў 14 кватэрах шматкватэрных дамоў, частка — у прыстасаванай пад інтэрнат былой сталовай. Харчуюцца арганізавана: у пераабсталяваным пад сталоўку памяшканні былога кафэ на тэрыторыі ваеннага гарадка. Вырашчаную прадукцыю прадаюць на рынках бліжэйшых вёсак і гарадоў. Але, да прыкладу, у самім Шчэрчаве, кажа сакратарка сельвыканкама, кітайская гародніна не карыстаецца асаблівай папулярнасцю. Нягледзячы на тое, што каштуе нядорага.

Алена Меляшкевіч:
“Невялікая колькасць прадаецца ў іх. Набываюць людзі, але вялікага ажыятажу няма”.

Але не толькі пакрыўджаным няроўнымі заробкамі шчэрчаўчанам не могуць прадаць кітайцы свае агуркі і дыні. І ў іншых месцах, куды яны выязджаюць гандляваць, ёсць праблемы з рэалізацыяй. Пра гэта Еўрарадыё распавяла спецыяліст упраўлення эканомікі Пружанскага райвыканкама Іна Ўладзіміраўна.

Іна Ўладзіміраўна: “Яны зараз спрабуюць выязджаць у Кобрын, тут у нас гандлююць, у Шчэрчава, у Шэрашава выязджаюць на рынак — спрабуюць прадаць па раёне. Ім, напэўна, цяжка зараз. Бо рэалізаваць у раёне аб’ём прадукцыі, які яны вырасцілі, складана. Але ж у іх ёсць амбасада ў Мінску — мы ім рэкамендуем, каб выязджалі ў Мінск на рынкі. Карацей, яны спрабуюць сябе ў нас”.

Як стала вядома Еўрарадыё, днямі ў Пружанскім райвыканкаме прайшла нарада, на якой выступіў амбасадар Беларусі ў КНР Анатоль Тозік. Былы старшыня дзяржкантролю парадаваў кіраўніцтва раёна паведамленнем пра тое, што ў самы бліжэйшы час на пружанскай зямлі будзе рэалізаваны чарговы кітайскі інвестыцыйны праект: у вёсцы Шэні будзе пабудаваны цяплічны комплекс. Паводле плану, да кожнай з цяпліц, якіх мае быць некалькі сотняў, будзе прыбудаваная хатка, дзе размесціцца па кітайскай сям’і. А гэта — каля тысячы чалавек. Вагоны з цяпліцамі ўжо стаяць на мяжы і чакаюць ільготнай растаможкі.



План будучых кітайскіх цяпліц у вёсцы Шэні Пружанскага раёна

Колькі сельгаспрадукцыі змогуць вырасціць кітайцы ў некалькіх сотнях цяпліц, кожная з якіх памерам 10 на 82 метра, сёння ніхто дакладна сказаць не можа. Але ў райвыканкаме не хаваюць, што ўжо зараз інтарэсы замежнага аграпрадпрыемства “Шэнян” і мясцовых калгасаў перакрыжоўваюцца. А ёсць жа ў пружанскага кіраўніцтва і свае “інвестыцыйныя праекты”.

Іна Ўладзіміраўна: “У нас уласныя два сховішчы гародніны будуюцца, склад садавіны. Канечне, кітайцы выпускаюць тую прадукцыю, якую не выпускаюць нашыя сельгаспрадпрыемствы, але ў той жа час выпускаюць і тую, якую нашы вырабляюць”.

На думку спецыяліста ўпраўлення эканомікі, клапаціцца пра тое, куды новыя кітайскія аграпрадпрыемствы будуць пастаўляць сваю прадукцыю, павінны кітайская амбасада, урады Беларусі і КНР — і забяспечыць іх дамовамі на пастаўкі, заяўкамі на будучыя гады. Але, маючы перад вачыма прыклад ужо дзеючага прадпрыемства, можна прагназаваць, што кітайцам давядзецца самастойна выжываць у барацьбе з беларускімі калгасамі. Альбо наадварот.