Беларус Уладзімір Самсонаў выйграў Лігу чэмпіёнаў па настольным тэнісе

Лідэр беларускай зборнай па настольным тэнісе Уладзімір Самсонаў выйграў самы прэстыжны еўрапейскі клубны турнір - Лігу чэмпіёнаў. Бельгійская каманда "Шарлеруа", лідэрам якой з’яўляецца наш суайчыннік, у фінале двойчы сустракалася з аўстрыйскім клубам СВС. У першым матчы ў Бельгіі гаспадары перамаглі - 3:1, прычым Самсонаў выйграў два сваіх паядынкі.

У паўторнай гульні на пляцоўцы аўстрыйцаў бельгійскі клуб ізноў святкаваў перамогу з лікам 3:2 і заваяваў ганаровы трафей. У гэтым матчы Самсонаў перамог Хо Інчао - 3:1, а затым з такім жа лікам саступіў Вернеру Шлагеру.

Адзначым, што ў сусветным рэйтынг-лісце 31-гадовы Самсонаў займае цяпер 6-е месца. Гэта другі паказчык сярод еўрапейцаў пасля немца Ціма Боля, які знаходзіцца на трэцяй пазіцыі. А ўзначальваюць спіс кітайскія майстры малой ракеткі Ма Лінь і Ван Лікін.

БЕЛТА