Беларусь забараніла ўвоз на сваю тэрыторыю свініны з 13 рэгіёнаў Расіі

Беларусь забараніла ўвоз свініны з Ленінградскай вобласці Расіі. Пра гэта паведаміў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення ветэрынарыі Мінсельгас Беларусі Іван Смільгінь, паведамляе БЕЛТА.

Увядзенне забароны на неабмежаваны тэрмін абумоўлена распаўсюджаннем афрыканскай чумы ў свіней у згаданай вобласці. Смільгінь адзначыў, што свініна ў Беларусь з Ленінградскай вобласці не пастаўлялася, і забарона носіць, хутчэй, папераджальны характар.

Смільгінь таксама паведаміў, што падоўжаны раней уведзеныя абмежаванні на ўвоз свініны з іншых рэгіёнаў Расіі з неспрыяльнай сітуацыяй па афрыканскай чуме, у прыватнасці з Калмыкіі, Чачэнскай Рэспублікі, Адыгеі, Дагестана, Паўночнай Асеціі, Карачаева-Чаркесіі, Кабардзіна-Балкарыі, Краснадарскага краю, Стаўрапальскага краю, Растоўскай, Валгаградскай і Астраханскай абласцей.