Беларусь заняла 11-е месца ў медальным заліку ЧС па лёгкай атлетыцы

Па адным медалі кожнай вартасці заваявалі беларускія спартсмены на чэмпіянаце свету па лёгкай атлетыцы, які завяршыўся 2 верасня ў японскім горадзе Осака. 25 жніўня Андрэй Міхневіч заняў трэцяе месца ў штурханні ядра. У гэтай жа дысцыпліне сярод жанчын 26 жніўня Надзея Астапчук паказала другі вынік.

27 жніўня Іван Ціхан перамог у кіданні молата. У агульным медальным заліку Беларусь заняла 11-е месца.

У першую пяцёрку ўвайшлі ЗША (14 залатых, 4 срэбныя, 8 бронзавых узнагарод), Кенія (5, 3, 5), Расія (4, 9, 3), Эфіопія (3, 1, 0) і Германія (2, 2, 3). Два гады таму, на папярэднім чэмпіянаце свету ў Фінляндыі, беларускія лёгкаатлеты заваявалі пяць медалёў — два залатыя, два срэбныя і бронзавы, на ЧС-2003 у Францыі — 7 (3, 2, 2).

БелаПАН