Беларуса вінавацяць у кантрабандзе запчастак зенітна-ракетных комплексаў

У Расіі зацверджана абвінавачанне па справе пра кантрабанду камплектуючых да зенітна-ракетных комплексаў "С-75" і "С-125".  У якасці абвінавачваных па справе праходзяць беларускі прадпрымальнік, які займаецца пастаўкай прадукцыі ваеннага прызначэння, і двое пецябуржцаў. Пры гэтым адзін з расіян з'яўляўся камерцыйным дырэктарам прадпрыемства па ўтылізацыі і пастаўцы прадукцыі ваеннага прызначэння.

Як паведамляе сайт "Фонтанка.ру", папярэдняе следства выявіла, што гэтая тройка стварыла арганізаваную групу, каб незаконна перамяшчаць у буйным памеры праз расійскую мяжу запчасткі да зенітна-ракетных комплексаў.

Беларускага прадпрымальніка затрымалі 14 траўня 2009 года, калі ён ехаў ва ўласным аўтамабілі з дэталямі праз расійскую мяжу.

Цяпер нашага суайчынніка ўзялі ў Расіі пад варту, а з расіян узялі падпіску пра нявыезд.