Беларусаў, якія ехалі ваяваць на Данбас, асудзяць па ўкраінскіх законах
Цяпер імі займаецца Служба бяспекі Украіны.
Беларусаў, якія ехалі да сепаратыстаў на Данбасе, але былі затрыманыя праваахоўнікамі, будуць судзіць паводле ўкраінскіх законаў. Пра гэта парталу tut.by паведаміла прэс-сакратар упраўлення МУС Украіны ў Луганскай вобласці Таццяна Пагукай.
Па яе словах, беларусы былі затрыманыя каля тыдня таму супрацоўнікамі МУС на блокпосце пры выездзе з Лісічанска. Цяпер імі займаецца Служба бяспекі Украіны.
Пагукай кажа: беларусаў затрымалі якраз таму, што яны ехалі ваяваць з украінцамі на баку сепаратыстаў. Падчас затрымання яны ва ўсім прызналіся.
Як паведамлялася раней, затрыманыя — мужчыны 34 і 37 гадоў. Яны прыехалі ва Украіну з Брэсцкай вобласці. Адзін — былы дэсантнік, другі не служыў, але лічыцца ў рэзерве на ваенным уліку. Паведамлялася, што мужчыны ехалі не з ідэалагічных меркаванняў, а проста хацелі зарабіць грошай.
На Луганшчыне злавілі двух беларусаў, якія хацелі ваяваць за “ЛНР”
Фота — 24daily.net