Беларуска Самусевіч выйграла этап Кубка свету па сучасным пяцібор’і

Беларускія спартсменкі паспяхова выступілі на шостым этапе Кубка свету па сучасным пяцібор’і ў Рыме. У фінале жаночых спаборніцтваў "золата" заваявала Анастасія Самусевіч, якая набрала па выніках пяці відаў праграмы 5 608 ачкоў.

Срэбра заваявала яшчэ адна беларуска Таццяна Мазуркевіч (5 584), а трэцяе месца з сумай балаў 5 568 заняла Джарджына Харланд з Вялікабрытаніі.

У італьянскай сталіцы ў спаборніцтвах мужчын беларус Дзмітры Мелях замкнуў чацвёрку наймацнейшых, а Міхаіл Пракапенка заняў 11-е месца.

Фінальны этап Кубка свету адбудзецца ў сярэдзіне верасня ў Пекіне, а цяпер беларускія пяціборцы рыхтуюцца да чэмпіянату свету, які пройдзе з 14 па 22 жніўня ў Берліне.

Прызёры сусветнага першынства атрымаюць алімпійскія ліцэнзіі.

БЕЛТА