Беларуская чыгунка не ведае, ці будзе забаронены продаж піва ў цягніках

З 23 лютага пачынае дзейнічаць закон, які забараняе распіваць алкаголь у грамадскіх месцах. У транспартнай міліцыі растлумачылі, што ўсе аб'екты чыгункі лічацца грамадскімі месцамі, у тым ліку і цягнікі. Таму цяпер піва можна будзе прадаваць толькі у вагонах-рэстаранах, а ў звычайных вагонах піва прадаваць забароняць. У кіраўніцтве чыгункі прытрымліваюцца іншага меркавання: можна забараніць піць, але дазволіць прадаваць.

Пакуль юрысты чыгункі даслалі запыт у Мінюст, каб атрымаць трактоўку закона. Таму афіцыйнай пазіцыі чыгункі на гэты конт няма.

Пасажырская служба Беларускай чыгункі: "Мы звярнуліся афіцыйна да юрыстаў, і яны рыхтуюць тлумачэнні. Таму даць каментар пакуль не можам. Але тая інфармацыя была ад транспартнай міліцыі. Мы прытрымліваемся трошкі іншага: распіццё - так, але продаж, верагодна, і можа быць. Але пакуль нічога не можам сказаць".