Беларуская мастачка прывезла ў Мінск свае брусэльскія карціны

Першая за апошнія 12 гадоў выстава беларускай мастачкі Наталлі Залознай адкрыецца сёння ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва ў Мінску. Як паведаміла Еўрарадыё Наталля, якая з 2000 года жыве і працуе ў Брусэлі, яна даўно марыла прывезці свае працы на радзіму. Наталля Залозная: “Я ўжо даўно думала пра такую выставу, але чыста тэхнічна гэта было складана зрабіць. Бо працы мае знаходзяцца ў Брусэлі, і сюды іх дастаткова складана прывезці. Гэта праблемы з падрамнікамі і гэтак далей”.

Сітуацыя спрасцілася пасля таго, як беларуская мастачка пачала супрацоўнічаць з маскоўскай галерэяй “Волга”. І таму частка прац прыехала ў Мінск з Масквы, дзе праходзіла выстава Наталлі Залознай, частку яна прывезла з Брусэлю. І гэта, кажа, лепшыя працы апошніх двух гадоў.

Наталля Залозная: “Ёсць серыя прац, якая называецца “Ерусалімская бібліятэка”, ёсць некалькі прац, якія вырваны з серыі, напісанай на тэму Ван Гога. І ёсць серыя прац пад агульнай назвай “Горад пяску”, выкананая ў пэўнай тэхніцы на паперы”.

Нягледзячы на тое, што мастачка вось ужо 10 гадоў жыве ў Брусэлі, яна па-ранейшаму лічыць сябе беларускім творцам. І вельмі хвалюецца перад сустрэчай з айчыннымі аматарамі жывапісу і крытыкамі. Бо апошні раз яна выстаўлялася ў Беларускім дзяржаўным музеі ў 1998 годзе.

Адкрыццё выставы прызначана на 17 гадзін. Працягнецца яна да 14 сакавіка.